ЧЭ́ШСКІ МАСІ́Ў, Багемскі масіў,

горны масіў на З Чэхіі і сумежных раёнах Польшчы, Германіі, Аўстрыі. Даўж. каля 500 км, шыр. да 300 км. Выш. да 1602 м (г. Снежка).

Уяўляе сабой выступ стараж. фундамента герцынскай складкавай вобласці. Складзены з гнейсаў, мігматытаў, крышт. сланцаў і гранулітаў пратэразою, сланцаў, кварцытаў і пясчанікаў палеазою, перакрыты асадкавым чахлом з мелавых і кайназойскіх парод. У выніку неаген-антрапагенавых тэктанічных рухаў масіў быў расколаты разломамі і скідамі, па якіх выліваліся вулканічныя лавы. З тэктанічным прагінам на ПнУ звязаны Верхнесілезскі — Астраўска-Карвінскі каменнавугальны басейн.

Цэнтр. частка (выш. 300—600 м) — узгорыстая раўніна з асобнымі падняццямі. Па ўскраінах горы: Судэты, Рудныя горы, Чэшскі Лес, Шумава і Чэшска-Мараўскае ўзвышша. На раўніне значная ч. тэр. апрацавана. У гарах да выш. 1200—1400 м мяшаныя і хвойныя лясы. Вышэй — субальпійскія лугі і хмызнякі. Мінер. крыніцы. Курорты, у т. л. Карлавы Вары. Турызм.

т. 17, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)